На думку дэкана эканамічнага факультэта БДУ Міхаіла Кавалёва, курс нацыянальнай валюты напрыканцы 2010 года застанецца прыкладна на ўзроўнi пачатку года, а можа і нават крыху ўмацуецца да валютнага кошыка.
За першы месяц года ў параўнаннi з 31 снежня мiнулага года беларускi рубель умацаваўся да кошыка валют, у якi ўваходзяць долар, еўра i расiйскi рубель, на 0,15 працэнта. Абнадзейлiвая тэндэнцыя, асаблiва для тых грамадзян, хто аддае перавагу зберагаць уласныя грашовыя сродкi ў нацыянальнай валюце. I з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем сур'ёзнасцi намераў галоўнага банка краiны па хоць i нязначным, але ўмацаваннi беларускага рубля да кошыка валют па вынiках гэта года.
Дэкан эканамiчнага факультэта БДУ, прафесар Мiхаiл Кавалёў у гэтым сэнсе таксама выказвае аптымiстычны прагноз i мяркуе, што курс нацыянальнай валюты напрыканцы 2010 года застанецца прыкладна на тым жа ўзроўнi, як i на пачатку года, а, магчыма, нават крыху ўмацуецца да валютнага кошыка.
— Сутнасць у тым, што цвёрды рубель дазволiць, па-першае, зменшыць iнфляцыю, якая ўсё ж такi для крызiснага года хоць i была рэкордна малой летась, але ж у некаторых краiнах назiраўся не рост цэнаў, а iх знiжэнне. Нам таксама нядрэнна б поўнасцю спынiць рост цэнаў, каб хутчэй знiзiць стаўку рэфiнансавання. Пры стабiльным курсе рубля можна будзе сапраўды да лiпеня стаўку рэфiнансавання знiзiць да 12 працэнтаў, а, значыць, i крэдыты зрабiць больш таннымi. Калi крэдыты будуць iстотна таннейшымi, то, безумоўна, мы выканаем намечаныя планы.
— Магчыма, пры ўмовах стабiльнасцi рубля ёсць сэнс не чакаць да таго ж лiпеня?
— Як мне падаецца, калi курс удасца трымаць стабiльным, то стаўку можна i трэба знiжаць больш хутка. Працягваючы ж размову наконт аптымiстычных чаканняў па сёлетняй курсавой палiтыцы, дадам, што толькi пры стабiльным курсе рубля мы зможам выканаць намечаны паказчык па сярэдняй зарплаце на канец года ў 500 долараў ЗША. Пры сярэдняй зарплаце ў 1,4—1,5 мiльёна рублёў, яна "заважыць" згаданыя 500 долараў толькi ў тым выпадку, калi курс долара будзе не вышэйшы, чым 3000 беларускiх рублёў за адзiн долар. Таму, я думаю, ёсць i эканамiчныя перадумовы для стабiльнасцi курсу, а таксама ёсць i сацыяльныя перадумовы для гэтага.
Што ж датычыцца ўплыву курсу на гандлёвае сальда, то ўсе разлiкi паказваюць, што з-за высокай iмпартаёмiстасцi беларускай эканомiкi, на жаль, дэвальвацыя не паляпшае наша гандлёвае сальда. I лепшы доказ таму — мiнулы год, калi была праведзеная аднаразовая дэвальвацыя нацыянальнай валюты на 20 працэнтаў у пачатку года, але гандлёвае сальда летась склалася рэкордна адмоўным. Нарошчваць экспарт i стрымлiваць iмпарт неабходна iншымi метадамi. I гэтым, безумоўна, трэба актыўна займацца, таму што кожны мiльярд адмоўнага сальда аднiмае з росту валавога ўнутранага прадукту амаль 2 працэнты. Выйсцi на запланавана рэкордны рост ВУП у 13 працэнтаў пры вялiкiм адмоўным гандлёвым сальда будзе немагчыма. Таму неабходна прыкласцi ўсе намаганнi, каб Мытны саюз дазволiў узнавiць наш экспарт у Расiю. На пачатку пяцiгодкi мы мелi ў расiйскiм увозе тавараў з-за мяжы 7-8 працэнтаў, а з-за крызiсу i пратэкцыянiсцкiх захадаў летась — усяго 3,6 працэнта. Трэба было б сёлета любой цаной узнавiць нашу долю ў расiйскiм iмпарце хоць бы да 5 працэнтаў, i тады праблем не будзе нi з курсам рубля, нi з ростам зарплаты да 500 долараў. А для гэтага патрэбныя палiтычная воля i дамоўленасцi, каб Мытны саюз стаў сапраўды Мытным саюзам, а не толькi словамi аб бесперашкодным руху тавараў. Насам-рэч тавары спыняюцца iншымi метадамi: квотамi, сантэхнiчнымi абмежаваннямi i г.д.
— У студзенi хiстаннi беларускага рубля да валют, якiя ўваходзяць у кошык валют, былi наступныя: да долара курс нацыянальнай валюты знiзiўся на 0,94 працэнта, да еўра — умацаваўся на 1,7 працэнта, да расiйскага рубля — знiзiўся на 0,33 працэнта. Учарашнiя таргi на Беларускай валютна-фондавай бiржы нiчога новага не прынеслi: курс рубля "спасаваў" долару, але ўмацаваўся да еўра. Гэта значыць, долар зноў "на канi"?
— Тут усё зразумела, таму што курс долара вырас у адносiнах да еўра. Калi напярэдаднi новага года за еўра на сусветных рынках давалi амаль 1,5 долара, то цяпер толькi 1,3. А мы ж трымаем курс беларускага рубля як сярэдняе памiж доларам, еўра i расiйскiм рублём.
— Як лiчыце, апошняя тэндэнцыя па долары i еўра доўгатэрмiновая, цi яна будзе на працягу года змяняцца?
— Я мяркую, што па годзе, як i летась, сiтуацыя памяняецца, i да канца года долар зноў пачне слабець. Зараз еўра патаннеў часова з-за чакання дэфолту Грэцыi. Некаторыя эксперты лiчаць, што Грэцыю нават "папросяць" з зоны еўра, i гэтыя чуткi негатыўна ўплываюць на курс еўрапейскай валюты. Але большасць аналiтыкаў схiляецца да меркавання, што Грэцыю не пакiнуць у бядзе, закрыюць з гэтай краiнай пытанне, як у мiнулым годзе з Iсландыяй, i тады еўра зноў пачне ўмацоўвацца. // “Звязда”


























Комментарии