Спакваля яны ператварыліся ў звычайнае сацыялагічнае апытанне.
Да 25 красавіка - дня выбараў у мясцовыя Саветы - будзе цягнуцца апытанне насельніцтва ў Аршанскім рэгіёне. Кампанія стартуе ў сярэдзіне сакавіка. Такое рашэнне прыняў сёння прэзідыум Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
Нагадаем, што спярша АДС планавалі зладзіць праймерыз. Агульнанацыянальныя. Потым ідэю скарэткавалі, абвесіцўшы эксперыментальныя праймерыз у Аршанскім раёне.
А ў выніку нарадзілася новае рашэнне.
Аршанская кааліцыя дэмакратычных сілаў палічыла, што прыйшоў час зірнуць на сітуацыю і шырэй, і глыбей, кажа старшыня мясцовай арганізацыі Партыі БНФ Алесь Шутаў:
"Заўсёды палітыкі абапіраюцца на думку народа. Але рэдка хто пытаецца ў выбарцаў пра іх пазіцыю. Таму мы хочам высветліць зрэз грамадскай думкі жыхароў нашага рэгіёна".
Кіраўнік аналітычна-інфармацыйнай групы АДС Вацлаў Арэшка тлумачыць:
"Кампанію мы так і пазіцыянуем — як кампанію актывізацыі выбарцаў Аршаншчыны і высвятлення грамадскай думкі наконт патрэбы палітычнай альтэрнатывы. Як прыватнай альтэрнатывы ў выглядзе лідэраў апазіцыі і грамадскай думкі, так і ў выглядзе агітацыі і інфармавання па пазіцыі дэмакратычных сілаў у сувязі з сітуацыяй у Беларусі, крызісам. То бок паралельна будзе ісці распаўсюд нашых матэрыялаў і ідэяў".
Спадар Арэшка, як падае радыё "Свабода", кажа: паколькі праймерыз фактычна ператвараецца ў апытанне, то змяняецца і форма дакумента, які атрымаюць жыхары Аршаншчыны:
"Замест бюлетэняў для галасавання будзе раздавацца анкета з некалькімі пытаннямі. Першае тычыцца таго, ці ёсць у Беларусі праблемы, якія не ў стане вырашыць дзейная ўлада? І калі яны ёсць, то высвятляецца роля апазіцыі - ці можа яна дапамагчы, ці можа чалавек супрацоўнічаць з апазіцыяй дзеля абароны сваіх інтарэсаў? І ўжо апошняе - прапануецца спіс асобаў, якія могуць быць падтрыманыя як альтэрнатыва Лукашэнку.
У гэтым сэнсе спіс застаецца адкрытым. Пры галасаванні грамадзяне могуць запісваць туды і іншыя прозвішчы. І ў гэтай сітуацыі самае галоўнае — не тое, хто там будзе першы, а, як мы і хацелі, колькі людзей возьме ўдзел у гэтай кампаніі".
Чаму ідэя праймерыз так звузілася?
Прычына першая - змізарненне кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. То бок, выхад, шэрагу суб'ектаў. рух "За свабоду", Партыя БНФ... У межах кааліцыі кампанія ператварылася б у камерны міжсабойчык. Разам з тым, усім вядомыя вонкавыя фактары вымагаюць кансалідацыі апазіцыі. І вось у апытанні на Аршаншчыне возьмуць удзел і пайшоўшыя з АДС палітычныя сілы.
Другая прычына - нястача сродкаў. Адсюль - сціплы фармат удзелу апазіцыі ў мясцовых выбарах. Што да прэзідэнцкіх, то лідэры апазіцыі вылучаюцца ці заяўляюць пра намер балатавацца, а потым як знойдзеш... Прынамсі, таку пакуль.
У такіх умовах праймерыз - залішняя раскоша.
Дамаўляцца пра адзінага ў Беларускім незалежніцкім блоку, у Аб'яднаных дэмакратычных сілах і паміж кааліцыямі (не будзем катэгарычна адрынаць такі варыянт развіцця падзеяў) давядзецца праз перамоўны працэс. Што да АДС, то пасля пакідання гэтай кааліцыі правымі, іхнім адзіным стане, па ўсім, Сяргей Калякін. Іншы фактар на гэта - верагоднасць адшукаць расійскія сродкі вышэйшая.


























Комментарии