Чарговая новая перадача з’явілася сёлета ў эфіры тэлеканала “Белсат”. “ПраСвет” – гэта штотыднёвы агляд падзеяў у свеце. Перадача будзе выходзіць па суботах. Бліжэйшы выпуск – 13 лютага ў 19.40. У прэсавай службе каналу пра яе распавялі так: “Чым жыве планета і як мяняецца? Якім чынам гэта ўплывае на нас? Свежы погляд на міжнародную палітыку, зразумела пра глабальную эканоміку і цікава пра культуру. Нават далёкія падзеі стануць бліжэй. Факты, аналітыка, каментары”.
“МЫ” пагутарылі з аўтарам і вядучай перадачы “ПраСвет” Алінай Коўшык. Яна скончыла ў родным Гродне гістфак, потым вучылася на магістраўскай праграме Варшаўскага ўніверсітэта (паліталогія і гісторыя, накірунак - Усходняя Еўропа), цяпер яна дактарантка польскай Акадэміі навук.
Адукацыя і дазволіла Аліне прапанаваць гледачам аўтарскую інфармацыйна-аналітычную перадачу пра міжнароднае жыццё. Зрэшты, у ёй будуць гучаць і меркаванні замежных ды беларускіх экспертаў. Палітолагі-міжнароднікі з’явяцца як у кадры,так і будуць кансультаваць аўтарку перадачы па-за эфірам.
“Канцэпцыя такая - паспрабаваць паказаць тое, што часта застаецца па-за галоўнымі выпускамі навінаў”, - кажа Аліна Коўшык.
Відэаматэрыялы ў асноўным будуць пазычацца ў інфармацыйных агенцтваў, але будуць і свае. Папросту “Белсат” пакуль не ў стане выпраўляць сваіх карэспандэнтаў у які Шанхай.
Аўтарка перадачы “ПраСвет” перакананая, што нашым грамадзянам міжнародная палітыка цікавая: “Мне здаецца, што беларусы стаміліся менавіта ад беларускай палітыкі, а тое, што адбываецца за мяжой - даволі цікава. Тым больш што нашы суайчыннікі не так шмат падарожнічаюць”.
Па словах Аліны Коўшык, “калі блізкае замежжа - прыярытэт “Аб'ектыву”, то мы будзем імкнуцца зазірнуць у далекія куткі. Пакажам агульныя тэндэнцыі у свеце. Аб'ектыўнай інфармацыі пра тое, што дзеіцца там, у нашай краіне не хапае. А ведаючы, што адбываецца ў свеце, лягчэй ацаніць і тое, што адбываецца ў нас”.
Сяргей БУЖАЎ


























Комментарии